Раённы этап усебеларускай патрыятычнай акцыі "Мы грамадзяне Беларусі!" прайшоў у РЦК у мінулую пятніцу

16.03.2020

    Той дзень стаў асабліва хвалюючым і ўрачыстым для 19 хлопцаў і дзяўчат са школ раёна: яны ўжо дасягнулі значных для свайго ўзросту поспехаў у вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай, спартыўнай, культурнай дзейнасці, спрабуюць свае сілы на алімпіядах, у творчых конкурсах, спаборніцтвах. Таму і былі вылучаны ў якасці лепшых маладых прадстаўнікоў Валожыншчыны для сапраўды гістарычнага ў іх жыцці моманту – урачыстага ўручэння галоўнага дакумента для кожнага грамадзяніна Беларусі.

   З дзяржаўным святам, а таксама з прыемнай і вельмі важнай падзеяй школьнікаў павіншаваў старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ. “Мы ганарымся Асноўным Законам дзяржавы, які па праву стаў сімвалам і атрыбутам нашага суверэнітэту, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрыты ўсе дзверы і ўсе дарогі. І толькі ад асабістай мэтанакіраванасці, упартасці і працавітасці залежыць, якіх вышынь вы і вашы равеснікі зможаце дасягнуць у будучым. Тут няма выпадковых людзей – сюды запрошаны тыя, хто ўмее паказваць прыклад іншым і весці за сабой. Цяпер ваша чарга развіваць, праслаўляць і абараняць Беларусь”.  

    Таксама рабяты пачулі словы віншавання ад начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і справах моладзі Вікенція Адамовіча, старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алены Клачко, якія, карыстаючыся магчымасцю, уручылі падзякі і сувеніры актывістам маладзёжнага руху.

    Сярод ганаровых гасцей быў ветэран камсамольскага руху, ветэран працы і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Маляўскі. У сваім вітальным слове ён пажадаў маладому пакаленню ганарыцца тым, што яны беларусы. Пабываўшы ў многіх краінах, Сяргей Сяргеевіч бачыў, што беларусаў заўсёды паважалі за працавітасць і добрапрыстойнасць.

      На мерапрыемстве рабяты змаглі азнаёміцца з гісторыяй стварэння пашпарта – падрабязны экскурс зрабіла дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. Таксама школьнікам быў паказаны фільм пра Валожынскі край.

    Пасля ўрачыстай часці адбыўся невялікі канцэрт, падрыхтаваны юнымі выканаўцамі і салістамі раённага цэнтра культуры.