СПАРТЫЎНЫХ АБ’ЕКТАЎ ШМАТ НЕ БЫВАЕ

04.11.2021

У чацвер у Валожыне ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта ўніверсальная спартыўная пляцоўка, абсталяванне якой дазваляе аматарам здаровага ладу жыцця займацца валейболам, баскетболам, стрытболам, гуляць у хакей, катацца на каньках.

Старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, выступаючы перад прысутнымі, а гэта прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары горада, выхаванцы школ і ДЮСШ, педагогі і фізкультурнікі, заўважыў, што спорт, любая фізічная актыўнасць увогуле – важныя складальнікі здароўя і як след –  працягласці жыцця чалавека.

Новы спартыўны аб’ект створаны па ініцыятыве райвыканкама пры фінансавай падтрымцы галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама.

Ганаровае права правесці цырымонію пераразання сімвалічнай стужкі і тым самым даць старт рабоце пляцоўкі вядучыя ўрачыстасці прадаставілі  кіраўніку раёна Яўгену Круковічу, старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятру Бібіку і намесніку старшыні райвыканкама Ігару Шакуну.

Са словамі ўдзячнасці да іх звярнуўся дырэктар ДЮСШ Дзмітрый Ажарэльеў.

Турнір па стрытболе сярод выхаванцаў аддзялення баскетбола ДЮСШ стаў лагічным завяршэннем важнага для Валожыншчыны мерапрыемства.