У ДОБРАЕ ПАДАРОЖЖА ПА КРАІНЕ ВЕДАЎ!

02.09.2019

  У бягучым навучальным годзе павіншаваць вучнёўства і настаўнікаў традыцыйна прыехалі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі розных службаў і ведамстваў. А ў гімназію № 1 райцэнтра завітаў намеснік старшыні Мінскага абласного выканаўчага камітэта Іван Станіслававіч Маркевіч. Выступаючы перад педагогамі, вучнямі і бацькамі на ўрачыстай лінейцы, ён адзначыў, што веды заўжды даюць мэту, робяць чалавека моцным, мудрым і вялікім. Іван Станіслававіч заклікаў настаўнікаў выкарыстоўваць усё сваё майстэрства, каб зацікавіць падрастаючае пакаленне вучыцца як мага лепш, з задавальненнем крочыць па краіне ведаў, а старшакласнікам пажадаў лёгкага выбару ў вызначэнні будучага жыццёвага шляху. Установе І.С.Маркевіч падарыў каштоўнае мультымедыйнае абсталяванне – інтэрактыўную панэль TechnoBoard. З яе дапамогай адукацыйны працэс стане больш цікавым і насычаным. Сертыфікат на яе атрыманне ён уручыў дырэктару ўстановы Алене Іванаўне Клачко.

  Радасць святочнага дня таксама раздзялілі з прысутнымі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала, дырэктар філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” Уладзімір Міхайлавіч Саевіч.

  На ўрачыстую лінейку, прымеркаваную да Дня ведаў, у Пяршайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа завітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Міхайлавіч Круковіч. У сваім вітальным слове кіраўнік раёна павіншаваў усіх са святам Першага званка, асаблівыя словы адрасаваў першакласнікам, якіх сёлета на Пяршайшчыне дзевяць: для іх дзень знакавы і запамінальны, бо дзеці акунуцца ў новае жыццё пад назвай “Школа” і пройдуць цікавы і захапляючы шлях да вяршынь ведаў. А вось для пяці адзінаццацікласнікаў новы навучальны год стане апошнім і развітальным. Трывалых ведаў, новых адкрыццяў, поспехаў і перамог пажадаў Яўген Міхайлавіч школьнікам, а педагогам – разумных вучняў і задавальнення ад правядзення ўрокаў, бо ад навыкаў і ўменняў педагогаў залежыць распазнанне здольнасцей і талентаў рабят. У якасці падарунка ад раённай улады школе быў уручаны сертыфікат на 1 тысячу рублёў на набыццё пральнай машыны аўтамат. Кожны першакласнік атрымаў кнігу ад Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі.

  Сёлета на Валожыншчыне школы і педагагічныя комплексы прымуць 3439 навучэнцаў.

  Дашкольныя ўстановы адукацыі будуць наведваць 1250 дзетак.

  Таемны і дзівосны свет ведаў пад кіраўніцтвам мудрых і вопытных настаўнікаў адкрывае для сябе 362 першакласнікі.

  

  

  

  

поделиться в: