СЛАВУТЫЯ
ЗЕМЛЯКІ ПУГАЧОЎШЧЫНЫ
Віктар Анатольевіч Шніп-- беларускі паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў в.Пугачы ў звычайнай сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. У 1987 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе «Беларусь» (1987—1991), у газетах «Наша слова» (адказны сакратар, 1991—1995) і «Літаратура і мастацтва» (намеснік галоўнага рэдактара-адказны сакратар (1995—2000), першы намеснік галоўнага рэдактара (2000—2002), галоўны рэдактар у 2002—2003). У 2003—2008 гадах намеснік галоўнага рэдактара, з 2008 года — галоўны рэдактар у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Цяга да складання вершаў праявілася ў нашага земляка яшчэ ў дзяцінстве, а пасля перарасла ў справу на ўсё жыццё. Віктар Шніп з’яўляецца таксама аўтарам шматлікіх балад і успамінаў.Неаднаразова наведваў Пугачоўскі дзіцячы сад – сярэднюю школу, дзе дзяліўся ўспамінамі свайго дзяцінства, чытаў новыя вершы, на памяць пакідаў свае новыя кнігі. Акрамя гэтага Віктар Анатольевіч штогод з’яўляецца шаноўным і жаданым госцем на свяце вёскі Пугачы.
Віктар Анатольевіч з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1984), лаўрэатам прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі (1987) за зборнік «Гронка святла», а таксама лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура» (2008) за кнігу «Страла кахання, любові крыж».