У рамках Дня беларускага пісьменства ў нашай краіне 3-7 верасня праходзіла XXI навукова-асветніцкая Экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным агнём ад гроба Гасподняга

16.9.2014

      У рамках Дня беларускага пісьменства ў нашай краіне 3-7 верасня праходзіла XXI навукова-асветніцкая Экспедыцыя “Дарога да Святыняў”  з Благадатным агнём ад гроба Гасподняга. 5 верасня  ў Валожыне  на плошчы Свабоды адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў Экспедыцыі. Ва ўстановах адукацыі г. Валожына ўдзельнікі Экспедыцыі правялі ўрокі пісьменства.

     Гасцямі ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Валожына “ сталі ўдзельнікі Экспедыцыі   Аляксандр Лапата-Загорскі і Міхась Башлакоў.  Пра Экспедыцыю, яе шлях распавядаў А.Лапата-Загорскі, а член Саюза пісьменнікаў СССР з 1988 года, аўтар кніг паэзіі «Касавіца» , «Начны паром», «Дні мае залатыя», «Як слёзы горкія Айчыны…», «Матчыны грыбы перабіраю», «Пяро зязюлі падніму», «Нетры», «Палын» і інш. , лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў  расказаў вучням 10,11 класаў аб сабе, сваёй паэзіі, прачытаў творы, адказаў на зададзеныя пытанні.

      У гімназіі №1 г. Валожына адбылася сустрэча з пісьменнікам, намеснікам старшыні Беларускага фондау культуры Бутевічам Анатолем Іванавічам  для навучэнцаў 5-6 класаў. Сустрэча праходзіла ў форме адкрытага дыялогу, дзе вучні маглі задаваць пытанні, якія іх цікавяць.  Пісьменнік падзяліўся з навучэнцамі гісторыяй узнікнення на тэрыторыі Беларусі пісьменнасці, расказаў пра знакамітых людзей, пра народнасць, менталітэт беларусаў. Таксама падзяліўся сваёй біяграфіяй, якая была багатай на падзеі ў прафесійным жыцці.

    Сярэднюю школу №2 г. Валожына наведалі выкладчык кафедры  грамадскага здароўя і  аховы здароўя Беларускай медыцынскай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Пануліна Наталья Мікалаеўна, якая паведала як правільна харчавацца. Вучні 5-6 класаў мелі магчымасць пазнаёміцца з паэтам, перакладчыкам Спрынчанам Вадзімам Браніслававічам, які  вёў гутарку пра маральнасць і патрыятызм.

     Адной з галоўных падзей таго дня стала закладка каля крынічкі ў канцы  вуліцы Кірава  Сада малітвы. Дваццаць адзін малады дубок пасадзілі паломнікі пры дапамозе  спецыялістаў ДЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас” і непасрэдным удзелам вучняў 9”А” класа сярэдняй школы №1 г. Валожына. Дрэўцы размясцілі ў форме крыжа. Несумненна, у будучым гэта месца стане адным з любімых у тых людзей, якія  будуць хадзіць сюды , каб адпачыць сэрцам і душой.

     Пасля паломнікі накіраваліся ў Маладзечанскі раён.

поделиться в: