Адданыя сябры фізкультуры і спорту
20.12.2021Раённая спартакіяда сярод работнікаў галіны фізічнай культуры і спорту адбылася ў мінулую пятніцу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Упраўленне адукацыі, спорту і турызму штогод арганізоўвае яе з мэтай больш шырокай папулярызацыі фізічнай культуры і спорту сярод насельніцтва і для прапаганды здаровага ладу жыцця.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел трэнеры-выкладчыкі, трэнеры па спорце, інструктары-метадысты, настаўнікі фізічнай культуры, кіраўнікі фізічнага выхавання, ветэраны спорту раёна. Усіх іх шчыра вітала намеснік начальніка аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Валянціна Башаркевіч.
Удзельнікі спартакіяды павінны былі паказаць свае здольнасці ў 5 відах праграмы. Жанчыны і мужчыны змагаліся за перамогу асобна.
Спаборніцтвы па дартсе праходзілі па сістэме “Вялікага раўнда”, калі кожны кідае па тры дроцікі па сектарах ад “1” да “20”, уключаючы цэнтр. Тут набралі найбольш ачкоў і, адпаведна, выйгралі Анатоль Шумчык і Таццяна Рак. Трохі адсталі ад іх і атрымалі граматы за 2-е месца Віктар Мянцюк і Наталля Колышка. 3-е месца занялі Назар Жалток і Дар’я Супрончык.
Работнікі галіны фізічнай культуры і спорту таксама выканалі па 10 кідкоў у баскетбольнае кольца са штрафной лініі, якая знаходзіцца на адлегласці 5,8 метра. Самую вялікую колькасць пападанняў прадэманстравалі ў гэтым спаборніцтве Дзмітрый Булакевіч і Сняжана Ланько. 2-е месца занялі Іван Філістовіч і Вераніка Татур, 3-е – Васілій Ажарэльеў і Ала Садоўская.
Кулявая стральба з пнеўматычнай вінтоўкі выконвалася са становішча стоячы з апорай на стойку ў мішэнь № 10 з адлегласці 10 метраў. У выніку самымі трапнымі аказаліся выстралы Дзмітрыя Булакевіча і Таццяны Рак. Нямнога не хапіла да перамогі Івану Філістовічу і Сняжане Ланько. У іх 2-я месцы. На трэцюю прыступку п’едэстала падняліся Аляксандр Цаюн і Аляксандра Некрашэвіч.
Набіванне футбольнага мяча на працягу дзвюх хвілін многім далося нялёгка. Пры выкананні практыкавання ўлічваліся толькі ўдары па мячы нагой. Калі ён датыкаўся да зямлі, спаборніцтва для ўдзельніка завяршалася. На гэтым этапе сярод мужчын найлепш паказаў сябе Вадзім Лясюк, сярод жанчын – Сняжана Ланько. 2-я месцы адпаведна ў Арцемія Цаюна і Дар’і Супрончык, трэція – Віктара Менцюка і Таццяны Рак.
Усім даспадобы прыйшлося плаванне вольным стылем на дыстанцыю 50 м. Сярод мужчын найменш часу на гэта спатрэбілася Назару Жалтку, трохі больш – Вадзіму Лесюку. На 3-м месцы аказаўся Генадзій Жалток.
Спаборніцтвы адбыліся ў цёплай сяброўскай атмасферы. Удзельнікі хваляваліся не толькі за сябе, але і за кожнага калегу, бо ўсе разам яны робяць адну справу – выхоўваюць маладое пакаленне, прывіваюць дзецям любоў да заняткаў спортам. Гэтыя людзі сапраўды любяць сваю справу і заслугоўваюць самых добрых слоў. Як паказала спартакіяда, усе яны знаходзяцца ў добрай фізічнай форме, і, зразумела, такія настаўнікі з’яўляюцца добрым прыкладам і для выхаванцаў.