Cемінар для класных кіраўнікоў і настаўнікаў-прадметнікаў
01.03.2019На базе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама прайшоў семінар для класных кіраўнікоў і настаўнікаў-прадметнікаў “Фарміраванне грамадзяніна праз вывучэнне малой радзімы сродкамі праектнай і даследчай дзейнасці”. Падрыхтавалі семінар Буклыс А.А., намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі “Сакаўшчынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя В.А.Каваленкі”, і настаўнік гісторыі дадзенай установы адукацыі Чэрнік М.В. Семінар прайшоў у форме метадычнага дыялога.
На працягу семінара педагогі не толькі знаёміліся з тэарэтычнымі ведамі па фарміраванню ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці і патрыятызму, але і самі прынялі актыўны ўдзел ў практычнай частцы семінара: “Метад гексаў” па асноўнай тэме “Грамадзянін”, якая ўключае ў сябе наступныя накірункі: “Я і Я”, “Я і сям’я”, “Я і культура”, “Я і школа”, “Я і Айчына”, “Я і планета”; адказвалі на пытанне “Я ганаруся сваёй краінай, таму што…”; складалі сінквейн са словам “Грамадзянін”. Затым было разгледжана пытанне “У чым падабенства і адрозненне праектнай і даследчай дзейнасці”, дзе педагогі абмеркавалі пытанні актуальнасці дадзенай работы, яе сутнасці.
Для педагогаў раёна вопытам сваёй работы па стварэнню праектаў і даследчай дзейнасці падзялілася Чэрнік Марына Васільеўна, якая расказала пра праектную і даследчую дзейнасць ва ўстанове адукацыі. Падрабязна Марына Васільеўна спынілася на сутнасці краязнаўчай работы і метадах павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння і даследвання гісторыі малой радзімы. У наш час вельмі актуальны зварот да мінулага сваёй Бацькаўшчыны, нездарма эпіграфам для правядзення семінала былі ўзяты словы земляка Пятра Біталя “Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця”, у якіх закладзены вялікі сэнс выхавання Грамадзяніна і Патрыёта.
На заканчэнне работы педагогі адказалі на пытанні: для чаго неабходна праводзіць даследчую дзейнасць і ствараць праекты, якім чынам гэта ўплывае на развіццё пазнаваўчай дзейнасці вучняў?